АСАБЛІ́ВА АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АБ’Е́КТЫ,

тэрыторыі, акваторыі і аб’екты, цалкам або часткова, пастаянна або часова выключаныя з інтэнсіўнага гасп. выкарыстання (таксама тыя, што знаходзяцца ў карыстанні і валоданні), для якіх заканадаўствам і нарматыўнымі актамі ўстанаўліваецца асаблівы рэжым аховы і выкарыстання.

Тэрыторыі ўтвараюцца з мэтай захавання своеасаблівых эталонаў прыроды, забеспячэння экалагічнай раўнавагі і падтрымкі асяроддзя, прыдатнага для чалавека, жывёл і раслін, вывучэння натуральных і антрапагенных працэсаў у біясферы і кантролю за іх зменамі, аховы прыродных рэсурсаў, каштоўных натуральных і штучных прыродных комплексаў, аб’ектаў і з’яў, генафонду расліннага і жывёльнага свету і інш. Маюць экалагічнае, рэсурса- і аб’ектаахоўнае, навуковае, асветнае, выхаваўчае, культурнае, эстэтычнае, рэкрэацыйнае або гістарычнае (у асобных выпадках) і інш. значэнне. Да іх адносяцца тэр. запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў, некаторых помнікаў прыроды. У сусв. практыцы асн. формай з’яўляюцца нац. і прыродныя паркі, запаведнікі (рэзерваты).

На Беларусі (1995) 79 такіх тэрыторый (у тым ліку Бярэзінскі біясферны запаведнік, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік, Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, нац. паркі Белавежская пушча і Браслаўскія азёры), 76 заказнікаў і 187 помнікаў прыроды рэсп. значэння. Агульная пл. 794,2 тыс. га (3,8% пл. рэспублікі).

Да аб’ектаў належаць некаторыя помнікі прыроды рэсп. значэння: асобныя рэдкія і векавыя дрэвы і іх групы, валуны, валунна-галечныя кангламераты і іх групы, геал. агаленні, унікальныя формы рэльефу, крыніцы і інш.

На Беларусі гэтыя тэр. і аб’екты маюць міжнар., рэсп. або мясц. значэнне. У адпаведнасці з «Законам Рэспублікі Беларусь аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) ім надаецца статус дзяржаўных. Кіраванне ў галіне арганізацыі, выкарыстання і аховы гэтых тэрыторый і аб’ектаў ажыццяўляецца Кабінетам Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканкомамі мясц. Саветаў дэпутатаў, Мін-вам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органамі на месцах; кантроль — мясцовымі Саветамі дэпутатаў, органамі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш.

З.Ф.Мураўёў, Г.У.Вынаеў.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)